СЕЙСМІ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,

пругкія ваганні, што распаўсюджваюцца ў Зямлі ад ачагоў землетрасенняў, выбухаў і інш. Адрозніваюць падоўжныя С.х. (ваганні адбываюцца ў напрамку распаўсюджвання хвалі, выклікаюць сцісканне і расцяжэнне), папярочныя С.х. (перпендыкулярныя распаўсюджванню хвалі; хвалі зруху), паверхневыя С.х. (узнікаюць каля паверхні падзелу геал. асяроддзяў; хвалі Лява, Рэлея), аб’ёмныя С.х. (падоўжныя і папярочныя хвалі, ідуць ад ачага ўзбуджэння па аб’ёме Зямлі), адбітыя і пераломленыя С.х. (узнікаюць на мяжы падзелу геал. асяроддзяў з рознымі фіз. ўласцівасцямі). Рэгістрацыя С.х. дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі. Гл. таксама Сейсмаграма, Сейсмічная разведка.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)